СУ́РАЖСКАЯ ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НА ў Вялікую Айчынную вайну,
тэрыторыя на ПнУ Віцебскай вобл., якую ў час акупацыі ням. фашыстамі кантралявалі партызаны з 1942 да снеж. 1943. Складвалася на працягу студз.—сак. 1942 у ходзе наступальных дзеянняў партыз. атрадаў, у т. л. М.П.Шмырова, з дапамогай часцей Чырв. Арміі Калінінскага фронту. Да лета 1942 межы зоны ахапілі Суражскі (акрамя райцэнтра), часткі Гарадоцкага, Віцебскага, Лёзненскага, Мехаўскага р-наў (пл. 3 тыс. км²). Абаранялі зону партыз. брыгады 1-я Бел., імя А.Ф.Данукалава, 2-я Бел. імя П.К.Панамарэнкі, імя М.Кутузава, 1-я Віцебская, імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола Віцебскай вобл. і некат. інш. партыз. фарміраванні. Агульнае кіраўніцтва баявой і гасп. дзейнасцю ў зоне ажыццяўлялі спец. штаб на чале з І.Ф.Бердзіянам, Суражскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Лёзненскі, Мехаўскі падп. райкомы КП(б)Б, адноўленыя сав. сельсаветы з удзелам Віцебскага падп. абкома КП(б)Б, Паўн.-Зах. аператыўнай групы ЦК КП(б)Б, камандавання Калінінскага і 1-га Прыбалт. франтоў. У канцы вер. 1942, калі гітлераўцы ліквідавалі Віцебскія «вароты», тэрыторыя зоны звузілася. На працягу года з чэрв. 1942 акупанты правялі супраць партызан 11 карных аперацый («Серабрыстая ліса», «Белы мядзведзь», «Шаравая маланка», «Грамавы ўдар», «Майская навальніца», «Веснавы карагод», «Дождж на сёмуху» і інш.). Са снеж. 1943 пасля Гарадоцкай аперацыі 1943 пачалося вызваленне ад акупацыі тэрыторыі зоны, большасць партыз. фарміраванняў злучаліся з Чырв. Арміяй. Утрыманне С.п.з. ў 1942 мела стратэгічнае значэнне для развіцця партыз. руху на Беларусі і ў суседніх Калінінскай вобл. Расіі, Латвіі, Літве. Больш як паўгода партызаны зоны ўтрымлівалі Віцебскія «вароты», выратавалі жыццё дзесяткаў тысяч жанчын, дзяцей, старых. Актыўнай баявой дзейнасцю партызаны дэзарганізоўвалі тыл ворага на стыку груп ням. армій «Поўнач» і «Цэнтр», актыўна ўзаемадзейнічалі з Чырв. Арміяй.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 582.
У.С.Пасэ.
т. 15, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)